| Licvinskaja Беларуская Русская |
Літва Litvania Литвания |
| Ўладзіслаў Шарабайка
СПРОБА
ЗРАЗУМЕЦЬ
альбо разважаньні аб гісторыі Літваніі да Міндаўга Спрабуючы ўявіць сабе як мага больш ясную, простую і наглядную гісторыю Літваніі, у прыватнасьці, яе перыяд, папярэдні Міндаўгу; валодаючы неабходнай упартасьцю і цярплівасьцю ў супастаўленьні дадзеных розных гістарычных школ; і ўлічваючы, таксама, палітычны расклад апошніх дзесяцігодзьдзяў, зацікаўлены дасьледчык можа прыйсьці да дастаткова абсурднай на першы погляд высновы аб тым, што на нашых этнічных тэрыторыях (гл. мапу Nr.__) пражывала нейкае балцкае насельніцтва (без назвы!), актыўна “размываемае” славянамі. Такі вось лёс наканаваны беларускай (і не толькі беларускай) гісторыяй ранняга Сярэднявечча Літваніі. Але нават самыя сьмелыя заходнія межы расьсяленьня крывічаў і дрэгавічаў у навучальных дапаможніках БССР - РБ ледзьве сягаюць лініі Вільня – Наваградак – Слонім – Берасьце. Няма сумненьняў, што ўзаемнае пранікненьне плямён і культур дасягала соцень кілямэтраў, але, калі, паставіць сабе на мэце вылучыць асноўныя плямёны, ад каторых ідзе радавод насельніцтва Літваніі, то прыходзім да ніжэйпададзеных высноў.Такім чынам, паводле беларускай гістарыяграфіі русіны (саманазва беларусаў у ХІІІ-ХІХ ст.ст.) – гэта, у асноўным, нашчадкі трох груп славянскіх плямён: крывічаў, дрэгавічаў і радзімічаў. Паводле літоўскай гістарыяграфіі літоўцы – гэта нашчадкі, у асноўным, жмудзінаў (жамойтаў) і аўкштайтаў. Падобныя вэрсіі ўзьнікненьня сваіх народаў (натуральна, вэрсіі спрошчаныя для школьнага выкарыстаньня) даўно высунутыя і ва ўсіх астатніх суседніх краінах – Украіне, Польшчы, Расеі і Латвіі. Што ўражвае, дык гэта тое, што сярод усіх гэтых плямён-заснавальнікаў амаль ідэальна вылучаецца “нікому не патрэбная” тэрыторыя непасрэдна Літваніі. Хто жыў паміж аўкштайтамі і валынянамі, мазоўшай і крывічамі, ў гісторыка-прапагандысцкай літаратуры альбо не ўзгадваецца зусім, альбо ўзгадваецца ўскосна.Усе асноўныя плямёны-продкі канцэнтраваліся вакол адпаведных сучасных нацыянальных цэнтраў (спрошчана): Каўнас – Паневежыс у Літве; Менск – Полацк – Тураў у Беларусі; Львоў – Роўна – Кіеў у Украіне; Масква – Твер – Ноўгарад – Ўладзімір у Расеі; Вроцлаў – Шчэцін – Варшава – Кракаў у Польшчы. Праўда, тут неабходна аддаць належнае літоўскай гістарыяграфіі. У адрозьненьне ад іншых нацыянальных гістарычных школ яна валодае адной проста бліскучай асаблівасьцю: з кожным годам, з кожнай новай навуковай працай арэал расьсяленьня продкаў сучасных літоўцаў няўхільна пашыраецца на паўднёвы ўсход, усё далей і далей у глыб терыторыі РБ, пакрываючы ўжо амаль палову (але, усё ж, яшчэ толькі палову!) нашае этнічнае тэрыторыі. Сапраўды надзывачайная дынаміка! Вельмі кранальная, але адчуваецца, усё ж, брак фантазыі. Ці, напрыклад, з тым жа Міцкевічам, ад каторага літоўцы спачатку адмаўляліся (а мо нават і ня ведалі, хто такі), а цяпер з-за моцнай арганізаванай у Польшчы кампаніі, прысьвечанай юбілею вялікага польскага паэта-ліцьвіна, ня здолелі адмаўчацца і… залічылі-такі “Міцкявічуса” да літоўскіх паэтаў! Ці не праўда, вялікі гонар і пашана для сусьветна вядомага паэта – прадстаўніка нацыі, зь якой сучасныя літоўцы сябе атаясамляюць! Так адбываецца і з усімі іншымі вялікімі ліцьвінамі, якіх літоўцы, пры ўсім жаданьні, не здолелі ўціснуць у свой ізаляцыянісцкі прыбалтыйскі кантэкст; з усімі, апрача нашых князёў і каралёў, бо без іх ніяк не абысьціся пры пабудове сваёй вялікай літоўскай мінуўшчыны. Але нашы славутыя продкі, перад усім, натуральным чынам належаць не сучаснай Літве, а Польшчы, што цалкам апраўдана і справядліва.І ўсё ж, калі зьвярнуцца да больш сур ’ёзных навуковых крыніц, то без асаблівай цяжкасьці можна вызначыць, што тэрыторыя Літваніі амаль ідэальна супадае з арэалам расьсяленьня трох наступных племянных саюзаў, а менавіта: яцьвягаў, дайновы і літвы. Ні адно з гэтых плямён не разглядаецца ў якасьці асноўнага фармуючага чыньніку ў суседніх народаў. Зрэшты, гісторыкі, магчыма, самі таго не прагнучы, падводзяць нас да лягічнага заключэньня, што продкамі асноўнае часткі насельніцтва Літваніі зьяўляюцца тры буйныя саюзы плямён:- па першае, гэта – літва, паводле розных ацэнак займаўшая тэрыторыі, прылеглыя да сучасных мест Маладэчна, Вільня, Наваградак; - па другое, гэта – яцьвягі, арыентыровачна, займаўшыя тэрыторыі, прылеглыя да сучасных мест Гародня, Беласток, Берасьце, Пінск; - па трэцяе, гэта – дайнова, якая знаходзілася паміж яцьвягамі і літвой (сучасныя месты Ліда, Слонім). Вышэйпададзеныя меркаваньні стыкуюцца, таксама, з гіпотэзай яцьвяжскага паходжаньня заснавальніка ВКЛ – Міндаўга. Вядома ж, продкі ліцьвінаў знаходзіліся пад моцным уплывам з боку крывічаў і ўсходнеславянскіх княстваў, але пасьля Крэўскай уніі гэты ўплыў хутка зьмяніўся моцнай прыцягальнай сілай польскае культуры, якая, з часам, многімі ліцьвінамі стала ўспрымацца як родная. |
|